Дзяніс Раманюк нарадзіўся ў 1970 г. у Мінску. Жыве ў Мінску і Вільні. Працуе як выдавец, фатограф, дызайнер, этнограф і мастак. У 1988 г. скончыў Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя А. Ахрэмчыка. У 1988—1992 гг. студэнт Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер Беларуская акадэмія мастацтваў), адкуль быў выключаны за прафесійную непрыдатнасць. У 1992 г. з’ехаў у Вільнюс і паступіў у Вільнюскую мастацкую акадэмію, якую скончыў у 1995 г. У 1995—1999 гг. выкладчык Беларускага ўніверсітэта культуры. Сябра Беларускага саюза мастакоў і творчага аб’яднання «Фотамастацтва». З 1997 г. працягвае справу свайго бацькі, прафесара Міхася Раманюка, па вывучэнні народнай культуры і этнаграфіі беларусаў. Ладзіць дзясяткі экспедыцый па тэрыторыі ўсёй Беларусі. У перыяд з 1993 па 2006 г. працаваў над фотапартрэтам старога горада Вільнюса. Адной з прыярытэтных тэм даследаванняў Дзяніса Раманюка стала зона, пацярпелая ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Вынікам гэтых даследаванняў стала выданне да 20-й гадавіны аварыі мастацка-публіцыстычнага альбома «Чарнобыль», які атрымаў некалькі найвышэйшых узнагарод на міжнародных і рэспубліканскіх конкурсах. Артыкулы Дз. Раманюка па беларускай этнаграфіі і народным мастацтве, як і фотаздымкі, што адлюстроўваюць хараство беларускага краявіду, публікуюцца ў энцыклапедыях, кнігах, часопісах і газетах. Фотаздымкі, матэрыялы і знаходкі, сабраныя Дз. Раманюком, дэманструюцца на выставах, па тэлебачанні і ў радыёперадачах як у Беларусі, так і за мяжой. Сёння галоўная тэма творчасці Дзяніса Раманюка — Беларусь, хараство яе прыроды, культуры, мастацтва і вобраза чалавека.